Finding Belarusian national idea on Euroradio — Free Belarus Radio since 2006.

12 сакавіка ў эфіры Еўрарадыё — журналіст, тэлевядоўца, магістр палітычных навук Алесь Залеўскі. Свабода беларуса пачынаецца са свабоды на сваім кавалачку зямлі, у сваім кутку. Месцы, дзе мы можам рабіць свабодна тое, што лічым патрэбным і правільным. Наш нацыянальны, культурны ландшафт — хутарскі. Калгас — гэта не наш ландшафт. Быць гаспадаром на сваёй зямлі заўсёды з'яўлялася першасным для беларуса. І мы абавязкова да гэтага вернемся, і спраўдзім свае мары, перакананы Алесь Залеўскі. Пра тое, чаму для беларусаў так важна свабода, ці вернемся мы на Бацькаўшчыну, і з чым, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алесем Залеўскім.

5 сакавіка ў эфіры Еўрарадыё — магістарка сацыялогіі і антрапалогіі Маргарыта Тарайкевіч. Таталітарныя рэжымы вельмі любяць, каб усе людзі прытрымліваліся адной ідэалогіі, кіраваліся адной ідэяй і імкнуліся да адзінай мэты. Але беларусы гэтага ўжо маюць аж занадта, і сёння нам неабходна свабода. Тая свабода, якая дае магчымасць пачувацца ў сваёй краіне камфортна і якая дазваляе рабіць усё, каб ты, твая сям'я і твая Бацькаўшчына развіваліся. Гэта база, якая дае магчымасць развівацца і нацыянальнаму складніку. Які, найперш, выяўляецца ў культуры, пераканана Маргарыта Тарайкевіч. Пра тое, чаму для грамадства важна, але і небяспечна мець агульную нацыянальную ідэю, навошта быць беларусам па-за Беларуссю, і наколькі беларусы насамрэч талерантная нацыя, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Маргарытай Тарайкевіч.

26 лютага ў эфіры Еўрарадыё — блогерка, культуролаг, рэдактарка thisminsk.media Маргарыта Прохарчык. У беларусаў няма звыклых для нас сённяшніх мацюкоў, але ў нашага народа была свая лаянка. Яна не такая агрэсіўная, як тая, што мы чуем з усіх бакоў сёння, але акурат гэтая неагрэсіўная, поўная жартаўлівай іроніі беларуская лаянка акурат і адпавядае нашаму характару і менталітэту, пераканана Маргарыта Прохарчык. Пра тое, чаму мы забыліся на беларускую лаянку і перанялі мацюкі ўсходняга суседа, ці варта гэтую традыцыю беларускай лаянкі аднаўляць, і як лаянка дапамагае захаваць сваю ідэнтычнасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Маргарытай Прохарчык.

19 лютага ў эфіры Еўрарадыё — пісьменнік, музыкант і выкладчык англійскай літаратуры ва ўніверсітэце Ханоя Дзяніс Трусаў. Так склалася, што беларусы спрадвеку жывуць на тэрыторыі, якая стала памежжам Еўропы і Азіі. Мы нібыта рака паміж гэтымі двума берагамі розных культур, традыцый і палітычных сістэм. І гэта як стварае шмат нязручнасцей і трагедый, так і дае шмат шанцаў. Бо калі мы станем мастком паміж гэтымі двума берагамі розных цывілізацый, зможам з абедзвюх гэтых цывілізацый і чэрпаць, перакананы Дзяніс Трусаў. Пра тое, чаму беларусы не навучыліся выгадна карыстацца станам памежжа, як у гэтым стане захаваць сваю ідэнтычнасць, і ў чым падабенства ды адрозненне беларусаў і в'етнамцаў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Дзянісам Трусавым.

12 лютага ў эфіры Еўрарадыё — сузаснавальнік прасторы “Кропка” ў Вільні, дата-спецыяліст праваабарончага цэнтра “Вясна”, тэхнічны менеджар ініцыятывы “Вольныя” Зміцер Фурманаў. Мы здаўна ведаем жартаўліва-ганебны выраз “хавайся ў бульбу”. Маўляў, у гэтым увесь і беларускі характар, і беларускі менталітэт, і нацыянальная ідэя. І магчыма, сёння для нас сапраўды нацыянальная ідэя ў тым, каб “схавацца ў бульбу”. Але размова ідзе не проста пра тое, каб выжыць, але найперш пра тое, каб захаваць сваю ідэнтычнасць, мову, культуру і спадчыну. Таму мы мусім сёння гэта прыняць і “хавацца ў бульбу” — але без негатыву, перакананы Зміцер Фурманаў. Пра тое, чаму беларусы сёння ізноў пастаўлены перад неабходнасцю выжываць, ці здольны мы гэта зрабіць пры тым узроўні свядомасці і самаідэнтыфікацыі, якія маем, і чаму ў выразе “хавайся ў бульбу” не варта шукаць негатыў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Зміцерам Фурманавым.

29 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — экскурсаводка, заснавальніца віртуальнага Музея сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, магістарка гуманітарных навук Валерыя Чарнаморцава. Вельмі шмат у гісторыі нашай зямлі герояў, пра якіх мы практычна нічога не ведаем. Яшчэ больш тых, хто, можа, на землях сучаснай Беларусі і не нарадзіўся, але мае дачыненне да нашай агульнай спадчыны, бо пакінуў свой след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай — нашых агульных дзяржаў. І таму мы мусім не раскідвацца такім гістарычным багаццем і такімі постацямі, а, наадварот, цягнуць іх у сваю беларускую скарбонку, пераканана Валерыя Чарнаморцава. Пра тое, чаму так важна ведаць сваю гісторыі, не раскідвацца ёй, і як мы можам узбагачаць сваю гістарычную скарбонку праз здаровы нацыянальны эгаізм, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Валерыяй Чарнаморцавай.

29 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, доктар гуманітарных навук, былы палітвязень Аляксандр Фядута. Фармуляваць нацыянальную ідэю для новай, вольнай і незалежнай Беларусі будуць пакаленні, якія ідуць следам за намі. Наша галоўная задача — захаваць для іх ўсю магчымую беларускую спадчыну. А для гэтага мы самі мусім заставацца беларусамі ў любых умовах і ў любым месцы, дзе б мы ні знаходзіліся. Найлепшы памочнік на шляху захавання і ўсведамлення сябе, сваёй ідэнтычнасці — гэта кніга. І не проста кніга, а адна канкрэтная — раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, перакананы Аляксандр Фядута. Пра тое, дзе мы як нацыя, як грамадства знаходзімся сёння, якая самая галоўная кніга для беларусаў, і чаму так важна захоўваць беларускую мову, дзе б ты ні быў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксандрам Фядутам.

22 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — былы палітвязень, грамадскі актывіст Павел Вінаградаў. Ужо не адзін раз беларускае грамадства праходзіла праз звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі цыклы: выбарчая кампанія, фальсіфікацыі пры галасаванні, пратэсты супраць гэтых фальсіфікацый, разгоны, затрыманні, прысуды, увядзенне заходніх санкцый, гандаль палітвязнямі і паступовая адліга як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. І з кожным разам у гэты цыкл зацягвала ўсё больш людзей, кола станавілася ўсё шырэйшае. І некалі шырыня гэтага кола і колькасць зацягнутых у яго стане такім, што цыклы нарэшце перарвуцца і гісторыя пойдзе іншым шляхам, нашым шляхам, перакананы Павел Вінаградаў. Пра тое, дзе знаходзіць сілы, каб працягваць барацьбу, ці ёсць варыянт вяртання сабе радзімы без сілавога сцэнара, і ці важная мова ў эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Вінаградавым.

15 студзеня ў эфіры Еўрарадыё былы палітвязень, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, адзін з заснавальнікаў руху супраціву “Зубр” Яўген Афнагель. “У беларускай нацыі велічэзны патэнцыял, назапашаны за вякі нашай гісторыі, які мы так і не здолелі рэалізаваць. Я кажу пра наш творчы патэнцыял, арганізацыйны, стваральны, культурніцкі — патэнцыял ва ўсіх сферах, які вырваўся вонкі ў 2020 годзе”. Ён, гэты патэнцыял, у нас ёсць, але прыхаваны, і прыйдзе час, калі беларусы здолеюць яго рэалізаваць, перакананы Яўген Афнагель. Пра тое, ці патрэбныя беларусам свабода, незалежнасць і нацыянальная дзяржава, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю будучыню і ці ёсць у нас патэнцыял, каб зрабіць з нашай краіны рэгіянальнага лідара, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Яўгенам Афнагелем.

8 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — краязнаўца, пісьменнік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца Зміцер Дзядзенка. Прыціснуць грамадства заўсёды можна. Можна прайсціся асфальтаўкладчыкам і вынішчыць усё, што ўладам падаецца небяспечным і падазроным. Напрыклад, цікаўнасць да свайго — сваёй нацыянальнай літаратуры, мовы, гісторыі, традыцый. Але гэта не азначае, што такая цікаўнасць будзе вынішчаная канчаткова і назаўжды. Пройдзе час, узнікнуць спрыяльныя ўмовы — і ўсё гэта вяртаецца. Вернецца і гэтым разам, перакананы Зміцер Дзядзенка. Пра тое, ці дае літаратура адказы на пытанні пра ідэнтычнасць, як захаваць веру ў лепшае падчас цёмных часоў і навошта нам заставацца вернымі сваёй Айчыне, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром Дзядзенкам.

1 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — двойчы эмігрантка, актывістка беларускай дыяспары Мельбурна (Аўстралія), выкладчыца англійскай мовы Таццяна Рыкоўска. Нам важна не толькі заставацца беларусамі дзе б мы не знаходзіліся, але і адшукаць тое, што нас будзе яднаць. Не сакрэт, што кожны чалавек хоча быць шчаслівым. І робіць усё магчымае, каб свайго шчасця дасягнуць. Але найвялікшая каштоўнасць — быць шчаслівымі разам з тымі, хто нам блізкі і каго лічым сваім. І мы абавязкова навучымся быць шчаслівымі разам, перакананая Таццяна Рыкоўска. Пра тое, ці магчыма ў эміграцыі не згубіць сваю ідэнтычнасць, як захоўваць цікавасць да беларушчыны і чаму часам так складана быць шчаслівым, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Таццянай Рыкоўскай.

25 снежня ў эфіры Еўрарадыё — амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі. Пытанне нацыянальнага будаўніцтва для беларусаў здаўна было досыць складаным. не так шмат людзей цікавілі гэтыя няўцямныя нацыянальныя ды дэмакратычныя каштоўнасці. Але назіраючы за тым, колькі людзей прыйшло ў дэмакратычны рух у 2020 годзе і наколькі палепшыйся стан гэтага руху, то можна смела сцвярджаць: у накірунку нацыянальнага будаўніцтва мы сёння значна бліжэй да нейкага добрага выніку, да разумення сябе, чым гэта было напачатку таго ж 2020 года. І гэта сведчыць, што мы абавязкова гэтае будаўніцтва ў выніку скончым, перакананы Антон Пянькоўскі. Пра тое, ці ёсць падабенству ў нацыябудаўнічых працэсах паміж беларусамі і амерыканцамі, ці можна нацыябудаўнічымі працэсамі займацца ў эміграцыі і ці можна стаць беларусам пад прымусам, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Антонам Пянькоўскім.

18 снежня ў эфіры Еўрарадыё — сацыёлаг Філіп Біканаў. У нас і так хапае таго, што нас падзяляе. Ад палітычных поглядаў і да моўнага пытання. І неабходна рабіць усё магчымае, каб пазбягаць канфранцыі і падзелаў у беларускім грамадстве. Інакш нам не дайсці да Беларусі сваёй мары, не пабудаваць сваю дзяржаву. З іншага боку, ёсць тэмы, дзе неабходная прынцыповасць. Да прыкладу, пытанне мовы. Калі да 2022 года і можна было казаць пра дзве дзяржаўныя мовы ў нашай краіне, то пасля пачатку вайны стаўленне да моўнага пытання змянілася. Што не павінна зашкодзіць беларусам паразумецца, перакананы Філіп Біканаў. Пра тое, ці вызначыліся беларусы са сваёй ідэнтычнасцю, ці гатовыя мы змагацца за сваю краіну і чым беларуская нацыянальная ідэя адрозніваецца ад ідэй іншых нацый, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Філіпам Біканавым.

11 снежня ў эфіры Еўрарадыё — Югася Каляда, пісьменніца, пераможца прэміі імя Ежы Гедройца. Нам трэба ствараць такі прадукт, цікавасць да якога прымусіць нашых чытачоў “прадзірацца” праз тую беларускую мову, на якой той прадукт створаны. І хоць у нас яшчэ шмат неасэнсаваных частках нашай трагічнай гісторыі, мы мусім думаць і пра тое, каб ствараць у літаратуры нешта прыгожае і гераічнае, фантастычнае і прыцягальнае. І мы абавязкова з гэтымі задачамі справімся, перакананая Югася Каляда. Пра тое, як зацікавіць беларусаў беларускасцю, навошта ў эміграцыі культываваць сваю беларускасць і чаму нам неабходна перагледзіць свой трагічны досвед параз, каб рухацца наперад, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Югасяй Калядой.

4 снежня ў эфіры Еўрарадыё — музыка, паэт, радыёжурналіст, удзельнік гуртоў "Кузьнец і Сяманя", "Князь Мышкін", "Нагуаль", Mouches A L'Orange, "Балцкі Субстрат" ды іншых Віктар Сямашка. Такое адчуванне, што беларускі народ ужо не першае стагоддзе, як той Хрыстос — укрыжаваны і вісіць на сваім крыжы лёсу і пакут. Што адметна, беларусы ўжо нібыта і прынялі гэты свой стан укрыжаванага пакутніка. Гэта добра прасочваецца і праз гісторыю нашага народа, і праз фальклор ды літаратуру. Але мы мусім зразумець, што гэта не найлепшы выбар, і нарэшце мы павінны зняць сябе з крыжа і рушыць далей свабоднымі, перакананы Віктар Сямашка. Пра тое, як натуральнасць звязаная з беларускасцю, калі і хто ўкрыжаваў беларусаў і чаму нас мусіць навучыць эміграцыя, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віктарам Сямашкам.

27 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — даследчык сталінскіх рэпрэсій, стваральнік курса па радаводзе Ігар Станкевіч. Веданне сваіх каранёў дазваляе знайсці адказы не толькі на пытанні пра тое, хто і што было да цябе, але і даць адказ на развагі пра тую спадчыну, якую мы самі пасля сябе пакінем. У эміграцыі ж веданне свайго радаводу мае дадатковую вартасць, бо гэта нібыта яшчэ адна нітачка, якая звязвае цябе з Бацькаўшчынай. Тая нітачка, якая некалі і дапаможа нам, давядзе нас да роднага матчынага дома, перакананы Ігар Станкевіч. Пра тое, як з дапамогай радаводу захоўваць сувязь са сваімі продкамі і сваёй Бацькаўшчынай, чаму важна асэнсаваць злачынствы сталінізму і ці важная для беларусаў іх беларускасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Ігарам Станкевічам.

20 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — фудблогерка, псіхадыетолаг Алеся Княжэвіч. Заўсёды мець з сабой, дзе б ты не знаходзіўся і куды б цябе лёс не закінуў, сваю Беларусь у сэрцы — мусіць кожны беларус. Але можна пра свае родныя мясціны нагадваць сабе і сваім блізкім і іншым чынам — гатуючы да сямейнага стала нацыянальныя стравы. Можна так, як гатавала некалі ваша бабуля альбо матуля, а можна і па-сучаснаму, крыху адаптуючы даўнія рэцэпты да дня сённяшняга і ўмоў, у якіх вы цяпер знаходзіцеся. Гэта дазваляе не толькі ўзмацняць сваю беларускасць унутры сябе, але і ствараць Беларусь вакол сябе, перакананая Алеся Княжэвіч. Пра тое, як нацыянальная кухня спрыяе захаванню нацыянальнай свядомасці, ці можна з дапамогай страў нацыянальнай кухні абудзіць беларускасць у чалавеку і якія стравы прыгатуе на свята вяртання на радзіму, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алесей Княжэвіч.

13 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — галоўны менеджар стрымінгавай платформы “Belarus Tomorrow”, заснавальнік таварыства “Беларуская дыяспара ў Польшчы”, аўтар трох кніг на паляшуцкай мове Аляксей Дзікавіцкі. Беларусы павінны не раз'ядноўвацца, а шукаць любыя магчымасці для аб'яднання. Бо толькі там мы здолеем не проста выжыць, але і захавацца як народ, як нацыя. Захаваць свае адметнасці і — вярнуць сабе права людзьмі звацца. Прычым — на сваёй зямлі. На такой зямлі, дзе мы будзем сапраўды гаспадарамі. І мы гэтага абавязкова дасягнём, калі будзем разам ісці да агульнай мэты, перакананы Аляксей Дзікавіцкі. Пра тое, як культурніцкія традыцыі і моўныя адметнасці палешукоў узбагачаюць нашу агульную беларускую спадчыну, як нам захавацца ў эміграцыі і не загінуць пад ціскам русіфікацыі ўнутры краіны, чаму важна не проста вярнуць сабе сваю зямлю, але і права быць на ёй сапраўднымі гаспадарамі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксеем Дзікавіцкім.

6 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — актор тэатра і кіно, заслужаны артыст Беларусі, купалавец Ігар Сігоў. Беларускаму грамадству было наканавана прайсці праз 2020 год і працягваць шлях свайго сталення, нягледзячы на ўсё тое, што нам сёння даводзіцца перажываць — рэпрэсіі, эміграцыю, расчараванне… Але калі мы хочам захавацца як нацыя і захаваць сваю краіну, мы мусім праз гэтыя выпрабаванні прайсці. Магчыма, перад намі паўстане пытанне выбару: ці браць у рукі зброю? Але калі іншага выйсця не будзе, калі паўстане выбар паміж знікненнем усяго і неабходнасцю змагацца за гэта сваё са зброяй у руках, то зброю давядзецца браць, перакананы Ігар Сігоў. Пра тое, ці здольныя мы захаваць сваю беларускасць у эміграцыі, ці не быў памылкай 2020 год і ці пагражае нам грамадзянская вайна, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Ігарам Сіговым.

30 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — стэндап-комік Зміцер Нарышкін. У кожным беларусе ёсць адмысловае месца, да пэўнага моманту занятае… пустэчай. Гэта месца для нацыянальнай ідэі кожнага канкрэтнага беларуса. А вось чым ён гэтую пустэчу будзе напаўняць і ці будзе напаўняць увогуле — кожны вырашае і абірае сам. Бо ў кожнага з нас свая нацыянальная ідэя. Альбо яе адсутнасць. Але наяўнасць гэтай пустэчы беларускай нацыянальнай ідэі і неабходнасць яе нечым напаўняць нас і яднае, як бы дзіўна гэта ні гучала, перакананы Зміцер Нарышкін. Пра тое, ці патрэбная беларусам хоць нейкая нацыянальная ідэя, чаму ў кожнага з нас яна свая і мы ёй не дзелімся нават з блізкімі людзьмі і пра тое, ці зможам мы вярнуцца і аб'яднаць падзеленае эміграцыяй грамадства, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром Нарышкіным.

23 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — пісьменнік, аўтар і вядоўца ютуб-праекта #IMBY, папулярызатар найноўшай гісторыі Беларусі Павел Валатовіч. Тое, што сёння адбываецца з беларускай нацыяй, лепш за ўсё адлюстравана ў дзвюх радках песні Лявона Вольскага: “Раскідала выбухам нас па зямлі, мы вернемся, толькі — куды і калі?” Прычым, гэта тычыцца не толькі тых, каго раскідала эміграцыя па свеце, але і тых, хто застаецца ў Беларусі. Наша нацыя сёння як раскіданае гняздо. Мы абавязкова вернемся. І хоць пакуль не маем адказу на пытанне “Калі?”, але адказ на “Куды?” мы ведаем дакладна — на Радзіму, перакананы Павел Валатовіч. Пра тое, ці магчыма ў эміграцыі заставацца беларусамі і чаму так важна зберагаць успаміны пра родныя мясціны і падзеі, сведкамі якіх мы былі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Валатовічам.

16 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — філосаф, метадолаг, былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч. Мы як нацыя павінны нарэшце вызначыцца не толькі з тым, на якім этапе, у якім месцы мы ўсе знаходзімся, але і з тым, што нам неабходна рабіць, каб наблізіць перамогу і, што самае галоўнае — вяртанне на радзіму. Варта разумець, што чым даўжэй наша грамадства застаецца падзеленым і раскіданым, тым складаней нам будзе паразумецца, калі магчымасць вярнуцца з'явіцца. Сёння мы мусім знайсці агульны падмурак нашага існавання як беларусаў і, адштурнуўшыся ад гэтага падмурку, планаваць супольныя дзеянні, перакананы Уладзімір Мацкевіч. Пра тое, ці здольныя беларусы сёння спланаваць супольныя дзеянні і рэалізаваць свае планы, ці гатовыя мы іх рэалізаваць праз сілавы сцэнар і пра тое, навошта беларусам сёння нацыяналізм і пошукі ідэнтычнасці, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзімірам Мацкевічам.

9 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — сацыёлаг, прафесар Андрэй Вардамацкі. Падабаецца нам гэта альбо не, але ў абодвух частак нашага падзеленага грамадства адбываецца працэс “каканізацыі” — як у той часткі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, так і ў той, якая вымушаная была выехаць за межы краіны. Гэты падзел ідзе як паводле геапалітычнага выбару, так і паводле выбару каштоўнаснага і свядомаснага, стаўлення да вайны і гэтак далей. Але рана ці позна нам давядзецца шукаць магчымасці для паразумення. І мы абавязкова яго дасягнем, перакананы Андрэй Вардамацкі. Пра тое, ці змянілася ў беларусаў стаўленне для сябе як нацыі і ў які бок, як на нас уплывае эміграцыя і ці сапраўды “сапраўдны беларус гэта той, хто не з'ехаў”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Андрэем Вардамацкім.

2 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё —кампазітар, аранжыроўшчык, піяніст, выкладчык англійскай мовы Сяргей Пукст. Мова і ідэнтычнасць — гэта тое, за што мы павінны змагацца. Бо ўсё ж мы адносна невялікая па колькасці нацыя і нас шмат стагоддзяў імкнуліся перарабіць на свой капыл нашыя суседзі. Але мы захаваліся. І каб працягваць жыць, каб стаць адметнай часцінай агульнаеўрапейскай культуры, мы мусім захоўваць і пашыраць свой культурны код, перакананы Сяргей Пукст. Пра тое, ці можа твор, напісаны на расійскай ці якой іншай мове, быць часткай беларускай культуры, чаму ў вымушанай эміграцыі беларусы пачалі больш увагі надаваць сваёй ідэнтычнасці і дзе нашае месца ў агульнаеўрапейскай культуры, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Сяргеем Пукстам.

25 верасня ў эфіры Еўрарадыё — экс-кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік руху “За свабоду”, заснавальнік і кіраўнік Вольнага беларускага ўніверсітэта, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. Шмат стагоддзяў у нашым народзе мэтанакіравана знішчалася ўсё нацыянальнае — вера, культура, гісторыя. У нас хацелі цалкам вынішчыць нашую самасвядомасць. Але канчаткова ні ў каго гэта зрабіць з беларусамі так і не атрымалася. Мы вернем сабе сваю Беларусь. Але для гэтага мы мусім мацаваць свій нацыянальны дух і сваю самасвядомасць. Ад гэтага будзе залежыць тое, якую Беларусь мы ў выніку пабудуем, перакананы Аляксандр Мілінкевіч. Пра тое, як звязаныя самасвядомасць і пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, пра моц беларускага нацыянальнага духа і як адшукаць сябе ў эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксандрам Мілінкевічам.

18 верасня ў эфіры Еўрарадыё — лінгвістка, выкладчыца італьянскай мовы, былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Свабода сканчаецца там, дзе пачынаецца страх. Нам неабходна навучыцца не баяцца. Не баяцца адстойваць свае правы, сваю свабоду, сваю ідэнтычнасць. Гэта не проста. Як не проста будзе і прабачыць тым, хто рабіў нам зло і з-за каго мы спазналі столькі страт і пакут. Але не баяцца прабачаць мы таксама павінны навучыцца. І некалі мы абавязкова з гэтым справімся, перакананая Наталля Дуліна. Пра тое, як знаходзіць у сабе сілы спраўляцца з выклікамі часу і лёсу, чаму так важна навучыцца не баяцца і ў чым для нас і для нашай ідэнтычнасці сёння найбольшыя выклікі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Наталляй Дулінай.

11 верасня ў эфіры Еўрарадыё — паліталагіня, экспертка стратэгіі і аналітыкі, міжнародная сакратарка Згуртавання беларускіх студэнтаў Аліна Харысава. Нам неабходна навучыцца ганарыцца сабой і сваімі здольнасцямі ці кампетэнцыямі. Бо такі гонар, які мае пад сабой абгрунтаванне і які даказаны рэальнымі дзеяннямі можа быць часткай, складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці. Трэба ганарыцца гісторыяй, але толькі на ёй сёння сваю ідэнтычнасць не пабудуеш, неабходныя яшчэ і нейкія скіраваныя ў будучыню памкненні, за якія не сорамна, перакананая Аліна Харысава. Пра тое, як моладзь успрымае сваю ідэнтычнасць і ці час разважаць над такімі пытаннямі, ці спатрэбяцца некалі на радзіме тыя кампетэнцыі, якімі беларусы авалодваюць у эміграцыі і ці не прасцей беларусам пабудаваць сабе сваю Беларусь па-за межамі Айчыны, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алінай Харысавай.

4 верасня ў эфіры Еўрарадыё — эканаміст, палітычны актывіст, літаратар Віталь Патліс. Не адно стагоддзе беларускі народ знаходзіўся пад прыгнётам. Ён і сёння знаходзіцца пад прыгнётам чужой яму па духу і свядомасці ўлады. Але насуперак гэтаму беларусы хочуць свабоды, мы хочам сваёй ідэнтычнасці, мы хочам быць беларусамі. Пралітая кроў нашых продкаў шэпча нам пра усё гэта і мы некалі сабе гэта ўсё здабудзем — і свабоду, і прыналежнасць да нацыі, і ідэнтычнасць, перакананы Віталь Патліс. Пра тое, як звязаныя эканоміка ды ўласны дабрабыт з нацыянальнай ідэяй і ўсведамленнем сваёй ідэнтычнасці, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю краіну і ці адпусціць нас “рускі мір”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віталём Патлісам.

28 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — музыка, спявак, актор Зміцер "Vinsent" Папко. Мы павінны нарэшце зразумець, што быць прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў і суверэннай Беларусі недастаткова. Без нацыянальных складнікаў, без усведамлення важнасці для нас, як для нацыі, вяртання сабе сваёй мовы, гісторыі мы не пабудуем сапраўды незалежнай і моцнай дзяржавы. Бо моцнай дзяржава можа быць толькі ў тым выпадку, калі яна будзе стаяць на нацыянальным падмурку, перакананы Зміцер "Vinsent" Папко. Пра тое, чаму беларусы так насцярожана ставяцца да моўнага пытання і чаму мова для нас важная, як музыка ўплывае на свядомасць і ці магчымая перамога над рэжымам мірным шляхам, без крыві, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром "Vinsent" Папко.

21 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — паэт, літаратар, перакладчык Макс Шчур. Калі яшчэ да 2020 года пытанне “Ці сфармаваліся мы як нацыя?” мела права на існаванне, то тое, якія змены і трансфармацыі адбыліся з намі падчас тых падзеяў, паставіла кропку — беларусы канчаткова завяршылі сваё фармаванне як палітычная нацыя. 2020 год прымусіў нават тых, хто даўно забыўся, што ён беларус, актыўна ўключыцца ў беларускае жыццё. І цяпер мы мусім вярнуць сабе дзяржаву, каб наша палітычная нацыя змагла адбудаваць сабе сваю краіну, перакананы Макс Шчур. Пра тое, якое месца ў фармаванні ідэнтычнасці займае літаратура, ці здольныя літаратары сфармуляваца нацыянальную ідэю і якое значэнне мае мова ў гэтай справе, ці па-будысцку жадаць адпомсціць карнікам і як нам захаваць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Максам Шчурам.

14 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан. Беларус з бел-чырвона-белым сцягам і беларус са сцягам чырвона-зялёным — абодва лічаць сябе беларусамі. Такім чынам, беларуская свядомасць у нас ужо ёсць. Іншая справа, што грунтуецца яна на розных падмурках. Але кожны з гэтых беларусаў хоча жыць сам і каб дзеці яго жылі ў сваёй дзяржаве, усе яны хочуць, каб гэтая дзяржава квітнела, каб не было вайны. І некалі мы здолеем паразумецца і жыць з рознымі меркаваннямі, але ў адзінай і сваёй краіне, перакананы Арцём Брухан. Пра тое, чаму так і не была сфармуляваная нацыянальная ідэя на дзяржаўным узроўні пры Лукашэнку, як нам захаваць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі і ці будзе роў з кракадзіламі на мяжы з Расіяй, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Арцёмам Бруханам.

7 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — былы палітвязень, журналіст Ігар Карней. Толькі веданне гісторыі і сваёй краіны, і свайго народу, і свайго роду дасць нам падмурак для самапавагі. Бо без гэта пачуцця немагчыма пабудаваць сваю дзяржаву. А без сваёй нацыянальнай дзяржавы у нас, як нацыі, не будзе будучыні. Як бы мы сёння ні казалі пра глабалізацыю і сусвет без межаў. Бо сусвет любіць разнастайнасць. А яна ў нашай нацыянальнай адметнасці — у мове, культуры, традыцях і нашай гісторыі, перакананы Ігар Карней. Пра тое, чаму так важна захоўваць сваю ідэнтычнасць у любых самых неспрыяльных умовах, ці здольныя мы да нацыянальнага прымірэння і ці ці патрэбны нам будзе пасля перамогі агульнанайцыянальны сеанс псіхатэрапіі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Ігарам Карнеем.

31 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — музыка і фронтмэн гурта “паўтарычалавека” Андрэй Манкевіч. Беларусы праз новыя пакуты і здзекі прыйшлі да разумення, што шукаць сілы для выжывання і захавання сябе неабходна ў сваім: сваёй гісторыі і культуры, сваіх героях і сваіх паразах, сваіх продках і сваіх традыцыях. Нават калі гэтыя традыцыі падаюцца не адпаведнымі часу. Але менавіта ў гэтых нацыянальных каштоўнасцях і ёсць наш падмурак, на якім мы здолеем выстаяць самі і пабудаваць свой новы дом, перакананы Андрэй Манкевіч. Пра тое, чаму тое, што сёння перажывае беларуская нацыя, можна і трэба апісваць па-беларуску, што рабіць, каб вярнуць сабе сваю ідэнтычнасць і ці магчыма вярнуць сабе сваю краіну без крыві, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Андрэем Манкевічам.

24 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — рэдактарка выдання “План Б”, былая палітзняволеная Вольга Лойка. Салідарнасць у нашай формуле і сістэме беларусіанізма, пабадаванага па прыкладзе сіанізма, павінна займаць галоўнае месца. Бо беларус беларусу дапаможа заўсёды — дзе б ён ні знаходзіўся геаграфічна. У нас дастаткова кампетэнцый і рэсурсаў, матэрыяльных і інтэлектуальных, і калі мы бачым, што можам нешта зрабіць для Беларусі і яе будучыні — мы гэта робім, перакананая Вольга Лойка. Пра тое, як беларусам не згубіць сувязі паміж эміграцыяй і “вялікай зямлёй”, што важней — дабрабыт ці нацыянальныя каштоўнасці і навошта нам свой, беларускі сіанізм, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Вольгай Лойка.

17 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — адзін з арганізатараў беларускага кэмпу на фэсце Burning Man, прадпрымальнік Валерый Астрынскі. Мы як нацыя і як этнас сёння ізноў апынуліся ў сітуацыі, у якую мы траплялі ўжо не аднойчы — неабходнасць перажыць чарговую навалу, выжыць у ёй і захавацца. І ў гэтай гістарычнай сітуацыі мы мусім будаваць вакол сябе свае ўласныя міні-Беларусі. Каб потым, калі сітуацыя зменіцца, мы маглі аб'яднаць гэтыя свае міні-Беларусі ў адну сапраўдныю і вялікую Беларусь. І гэта абавязкова здарыцца, перакананы Валерый Астрынскі. Пра тое, якое значэнне для нас мае захаванне Беларусі ў сабе і якім чынам мы здолеем збудаваць сваю Беларусь з нашых уласных міні-Беларусей, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Валерыем Астрынскім.

10 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — актывістка беларускай дыяспары, арганізатарка “Купалля” ў Варшаве, заснавальніца Беларускага хору ў Варшаве і тэатральнай групы “Купалінка” Вольга Гардзейчык-Мазярска. У нас шмат годных людзей, якія маглі б стаць галасамі нацыі, непісанымі аўтарытэтамі для ўсіх, але чамусці сёння ў беларускага грамадства такіх аўтарытэтаў няма. І ў гэтым вялікая праблема, нават бяда. Толькі не трэба казаць, што нацыя не выказвае патрэбы мець такіх аўтарытэтаў, але гэта і не справа нацыі. Справа нацыі ў тым, каб ўтвараць своеасаблівую раку, якая нас нясе, а ўжо справа ўмоўнай эліты рабіць усё неабходнае, каб такія “няпісаныя аўтарытэты” ў нацыі з'яўляліся і кіравалі плынямі гэтай ракі, перакананая Вольга Гардзейчык-Мазярска. Пра тое, якое значэнне для нас, як для нацыі, маюць мова і традыцыі, чаму так важна захаваць сваю ідэнтычнасць і навошта нацыі патрэбныя “галасы” і “аўтарытэты”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Вольгай Гардзейчык-Мазярскай.

3 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — старшыня Нацыянальнай Геральдычнай рады, выконваючы абавязкі старшыні падраздзялення БПЛА палка ім. Кастуся Каліноўскага Мікіта "Аксон" Забуга. Захаванне сваіх нацыянальных каштоўнасцяў, сваёй мовы і культуры, усведамленне сваёй беларускай ідэнтычнасці — сёння для нас гэта не прыгожыя словы ці даніна модзе, а праблема выжывання. Выжывання нас як нацыі. Менавіта таму для беларусаў крытычна важна захоўваць і пашыраць беларускасць унутры сябе. І мы з гэтай праблемай выжывання нацыі абавязкова справімся, як спраўляліся тысячы гадоў, перакананы Мікіта Забуга. Пра тое, як сёння беларусам знайсці і захаваць сваю беларускасць, ці здольныя мы змагацца за свае каштоўнасці і ці маем шанец на вяртанне сабе сваёй краіны, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Мікітам Забугам.

26 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — заснавальніца і фронтвумэн гуртоў “Hangover in Minsk” і “Dymna Lotva” Кацярына Манкевіч. Не правыя тыя, хто наракае на амаль поўную адсутнасць у беларускім фальклоры бесклапотна-вясёлых песень. Але справа ў тым, што гістарычны лёс у нашага народа такі, што і весялосці не было — адкуль у спевах узяцца. Тым не менш, мы, спяваючы свае гаротныя песні, выжылі. І працягваем выжываць. Насуперак усім тым, хто марыць нас знішчыць. І таму можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта ў гаротнасці нашых песень — наша сіла, перакананая Кацярына Манкевіч. Пра тое, як звязаныя беларускі фальклор і беларускі блэк-метал, чаму для нас так важна захаваць сваю мову і культуру, а таксама пра тое, ці не быў 2020 год памылкай, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Кацярынай Манкевіч.

20 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. Як бы непрыемна і балюча гэты не было для нас, тых, хто быў вымушаны пакінуць сваю краіну, але жыццё ў Беларусі не спынілася, не скончылася — яно працягваецца і працягваецца без нас. І мы сапраўды адарваліся і не разумеем усіх працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве ўнутры Беларусі. Мы выехалі, але большасць людзей застаецца ў краіне — і далей мы пайшлі кожны сваім шляхам, мы змяняемся, але па-рознаму. І калі здарыцца магчымасць вярнуцца, нам давядзецца наноў знаёміцца са саімі суайчыннікамі. Нам давядзецца размаўляць, слухаць, вучыцца і шукаць паразумення, перакананая Святлана Алексіевіч. Пра тое, чаму беларусы не хочуць прызнаваць пройгрыша 2020 года і што гэта прызнанне нам дасць; ці не згубілі актуальнасць пошукі нацыянальнай самасвядомасці, ці застаецца ў нас шанс на вяртанне і ці магчымы ён без крыві, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Святланай Алексіевіч.

19 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — спявачка, паэтка, удзельніца сямейнага гурта “Бартосікі” Юстына Карпіловіч. Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі нам не стае беларускасці, акрэсленасці нашай ідэнтычнасці. Мы хочам быць беларусамі, але часам гэта вельмі балюча. Бо мы сутыкаемся з пэўнымі невызначанасцямі нашай ідэнтычнасці і таго, што такое быць беларусам, і знаходзімся ў стане неразумення таго, навошта нам гэта вызначанасць патрэбная. Але некалі мы ўсё нявызначанае для сябе акрэслім, сфармулюем і боль пройдзе, перакананая Юстына Карпіловіч. Пра тое, як не згубіцца ў эміграцыі, ці гатовая моладзь вярнуцца ў Беларусь і адбудоўваць Айчыну і навошта нам сёння “чапляцца” за беларускую мову, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Юстынай Карпіловіч.

12 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — кіраўніца грамадскай арганізацыі “Годна” Аліна Герашчанка. Пабудаваць аўтарытарызм на базе беларускасці немагчыма. Таму што быць беларусам і несці адказнасць за сваю нацыю — гэта азначае быць часткай дэмакратычнага еўрапейскага свету. Бо мы частка Еўропы і па ўмаўчанні беларускасць азначае шанаванне дэмакратычных каштоўнасцяў, перакананая Аліна Герашчанка. Пра тое, як звязаныя дэмакратычныя каштоўнасці і беларуская ідэнтычнасць, чаму мы мусім абіраць сваё, беларускае нават у эміграцыі і чаму для захавання нашай нацыі мы павінны змагацца за незалежнасць Беларусі любымі сродкамі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алінай Герашчанка.

5 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — мастак, дызайнер Уладзімір Цэслер. У любой нацыі на пэўным гістарычным этапе мусіць быць свая нацыянальная ідэя. Тое, што вядзе да краіны яе мары, дапамагае будаваць дзяржаву і свой дабрабыт. Беларусы таксама мусяць нарэшце сфармуляваць сваю ідэю — ідэю, у якой адлюструецца Беларусь іх мары. І хай гэта будзе такая ідэя, якой хочуць самі беларусы. Вось толькі прыйсці яна павінна не з “народных глыбінь”, а мусіць быць прапанаваная тымі людзьмі, у якіх сапраўды ёсць бачанне таго, як лепш пабудаваць беларускую нацыянальную дзяржаву, перакананы Уладзімір Цэслер. Пра тое, як мастацтва ўплывае на фармуляванне нацыянальнай ідэі, ці існуе падзяленне нацыі сёння і ў чым місія творцаў, якія вымушаныя былі пакінуць Айчыну, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзімірам Цэслерам.

29 траўня ў эфіры Еўрарадыё — пісьменнік Аляксандр Карнаўх. Сёння наша нацыя, наша грамадства вымушанае ісці нібыта скрозь “Халодныя землі”. Будаваць свой лёс і сваю будучыню ў надзвычай неспрыяльных умовах. Ва ўмовах, у якіх вельмі складана захаваць сваю ідэнтычнасць і небяспечна дэманстраваць сваю беларускасць. Але каб захавацца, каб годна прайсці праз выпрабаванні “Халоднымі землямі”, мы мусім трымацца сваёй мовы. У ёй наша моц і наша надзея на будучыню, перакананы Аляксандр Карнаўх. Пра тое, чаму сёння асабліва важна трымацца сваёй мовы, ці гатовыя беларусы да выпрабаванняў чарговымі “Халоднымі землямі” і ці здолеем мы аб'яднаць падзеленую нацыю, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксандрам Карнаўхам.

22 траўня ў эфіры Еўрарадыё — былы каардынатар "Арт Сядзібы" і сузаснавальнік кампаніі SYMBAL.BY Мікіта Броўка. Безумоўна, усе нацыянальныя каштоўнасці, кшталту мовы, гісторыі, культуры, пытанні ўмацавання беларускай ідэнтычнасці, свядомасці і самаідэнтычнасці — усё гэта вельмі важна, але не першасна. Нам сёння жыццёва неабходна змагацца за ўсталяванне ў краіне дэмакратыі. Бо без дэмакратыі ўсяго пералічанага ў нас не будзе. Толькі праз дэмакратычныя механізмы мы зможам збудаваць у Беларусі нацыянальную дзяржаву, перакананы Мікіта Броўка. Пра тое, як звязаныя дэмакратыя і нацыянальная ідэя, ці важнае для шараговых беларусаў пытанне ідэнтычнасці і пра тое, як зрабіць беларускае модным і папулярным, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Мікітам Броўкам.

15 траўня ў эфіры Еўрарадыё — беларускі добраахвотнік, ваяр тактычнай групы “Eisenhyänen” з пазыўным “Днепр”. Тое, што Лукашэнка не адмовіцца ад улады без барацьбы, даўно стала відавочным. А гэта азначае, што беларусы мусяць быць гатовыя змагацца за сваю свабоду, за сваю краіну, за сваю будучыню. І не выключана, што яшчэ і за незалежнасць сваёй Айчыны. Бо Расія так проста наўрадці адмовіцца ад намеру анэксаваць Беларусь. Але нават у выпадку сілавога сцэнара Лукашэнка і яго набліжаныя павінны быць асуджаныя справядлівым судом, які разгледзіць усе доказы іх злачынстваў, перакананы добраахвотнік “Днепр”. Пра тое, ці здольныя беларусы змагацца за сваю свабоду і сваю краіну, чаму ў дачыненні да Лукашэнкі не мусіць быць самасуду і ці насамрэч у беларусаў усё ў парадку з ідэнтычнасцю, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з добраахвотнікам “Дняпром”.

8 траўня ў эфіры Еўрарадыё — літаратар, рэпер Віталь Рыжкоў. Такое пачуццё, як крыўда, магло б стаць для беларусаў вельмі добрай нацыянальнай ідэяй. У тым выпадку, калі б мы маглі карыстаць гэтае пачуццё для падмацавання сваёй ідэнтычнасці і ў якасці матывацыі адстойваць сваё. Бо, насамрэч, крыўда — вельмі моцная эмоцыя. Яна здольная штурхаць людзей да адстойвання свайго гонару, годнасці і самасці, — перакананы Віталь Рыжкоў. Пра тое, ці здольная літаратура абудзіць у людзях жаданне вярнуць сабе сваю ідэнтычнасць, ці існуе ў Беларусі падзел на “прабеларускую” і “прарасійскую” часткі і чаму крыўда мусіць стаць важным складнікам нашай нацыянальнай ідэі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віталём Рыжковым.

1 траўня ў эфіры Еўрарадыё — актор, рэжысёр, фехтавальшчык, папулярызатар гісторыі Васіль Калач. У народаў, якія разам жылі ў Вялікім княстве Літоўскім, супольная гісторыя. Фактычна, мы маем, так бы мовіць, агульнага продка. Навошта мы сёння імкнемся гэтага продка пасекчы на кавалкі, падзяліць іх паміж сабой і ганарыцца выключна “сваёй” часткай той, агульнай гісторыі? Мы мусім прыняць факт, што ў беларусаў, літоўцаў, палякаў ды ўкраінцаў ёсць гэтая агульная гісторыя і не дзяліць яе, а шанаваць ўсё цалкам – як агульную спаччыну, перакананы Васіль Калач. Пра тое, ці сапраўды нам асабліва няма кім ганарыцца і ў нас замалы “пантэон герояў”, ці магчымая была перамога мірнага пратэсту ў 2020 годзе і ці гатовыя беларусы да змагання за сваю нацыю і сваю дзяржаву, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Васілём Калачом.

24 красавіка ў эфіры Еўрарадыё — мастацтвазнаўца, аўтар і вядоўца ютуб-канала “Каля Культуры” Мікіта Моніч. Ужо сёння нам неабходна рабіць усё магчымае, каб тыя, хто прыйдзе пасля нас, былі больш колькаснымі, больш якасна падрыхтаванымі, больш смелымі і дасведчанымі. Мы не ведаем, ці так яно будзе. Але наша справа не ў тым, каб ведаць, каб накіроўваць гэтыя “народныя масы”. У кожнага з нас ёсць свой маленечкі “агародзік”, які мы даглядаем і на якім засейваем нешта каштоўнаснае. І некалі, тыя хто пройдзе па нашым шляху пасля нас, ім скарыстаюцца і дасягнуць дзякуючы гэтаму большага, чым здолелі дасягнуць мы, перакананы Мікіта Моніч. Пра тое, якое значэнне культура мае для станаўлення нацыі, чаму важна захоўваць сваю ідэнтычнасць нават ў замежжы і навошта берагчы ключы ад страчанай хаты, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Мікітам Монічам.

17 сакавіка ў эфіры Еўрарадыё — відэаблогер і пісьменнік Макар Валынкін. Жывучы ў эміграцыі, у адрыве ад радзімы, сваёй зямлі і сваіх каранёў вельмі лёгка ўявіць цябе і ўсіх нас апошнім пакаленнем, якое размаўляе па-беларуску. Уявіць, што пасля нас не застанецца практычна нікога, хто будзе карыстацца беларускай мовай, вельмі лёгка: у эміграцыі людзі проста на яе забудуцца, а ў Беларусі яна знікне пад ціскам русіфікацыі. Але гэтак жа можна і сказаць сабе, што мы не станем “апошнім пакаленнем”, што наша паўстанне за нашу будучыню не скончанае, мы не пераможаныя і мы працягваем сваю барацьбу, перакананы Макар Валынкін. Пра тое, ці сапраўды мы дажылі да часоў, калі можам стаць апошнім пакаленнем, ці варта нам у такім выпадку заганяцца думкамі пра нейкія нацыянальныя ідэі і што дае падставы казаць пра няскончанасць нашага паўстання, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Макарам Валынкіным.

10 красавіка ў эфіры Еўрарадыё — франтмен гуртоў Volski і Крамбамбуля, мастак, пісьменнік Лявон Вольскі. Мы апынуліся ў эпіцэнтры вайны. І гэта не толькі рэальная вайна, якая ідзе ва Украіне, дзе ў тым ліку гінуць і беларусы. Сапраўдную вайну на вынішчэнне ўсяго беларускага, нацыянальнага вядзе і Лукашэнка. Адначасова мы мусім супрацьстаяць “рускаму свету”, які таксама наш вораг. І хоць імперская Расія стала на шлях развалу, што прывядзе і да аслаблення лукашэнкаўскага рэжыму, да перамогі далёка. І мы мусім сканцэнтравацца на тым, каб выжыць і перамагчы ў гэтай вайне дабра і зла, перакананы Лявон Вольскі. Пра тое, ці з'яўляецца беларускі народ нацыяй і чаму беларусы так мала цікавяцца сваім, чаму без мовы Беларусь не захаваць і як перамагчы ў супрацьстаянні з “рускім светам”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Лявонам Вольскім.

3 красавіка ў эфіры Еўрарадыё — прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар. Мы павінны завершыць пачатае і знішчыць аўтарытарную сістэму, пабудаваную Лукашэнкам. Якім цяжкім ні быў бы гэты шлях, нягледзячы на ахвяры, якія ўжо ёсць, мы мусім зрабіць усё магчымае, каб вярнуць сабе краіну, зрабіць з Беларусі нацыянальную дзяржаву, дзе больш ніколі не будзе палітвязняў. І мы гэта абавязкова зробім, перакананы Уладзімір Жыгар. Пра тое, ці павінны сілавыя структуры быць нацыянальнаарыентаванымі, ці магчыма зрынуць рэжым мірным шляхам і чаму важна правесці “дэлукашызацыю” Беларусі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзімірам Жыгарам.